МЕ́РА ПАКАРА́ННЯ ў крымінальным праве,

пакаранне пэўнага віду і памеру, якое назначана асуджанаму на падставе санкцыі канкрэтнай нормы крымін. закона, па якой кваліфікавана ўчыненае злачынства. КК Рэспублікі Беларусь прадугледжвае М.п.: арышт, пазбаўленне волі, папраўчыя работы без пазбаўлення волі, пазбаўленне права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, штраф, звальненне з пасады, грамадскае ганьбаванне. За некаторыя асабліва цяжкія злачынствы як выключная М.п. дапускаецца пакаранне смерцю (расстрэл). За асабліва цяжкія злачынствы дапускаецца таксама пажыццёвае зняволенне. Да ваеннаслужачых тэрміновай службы можа таксама выкарыстоўвацца як М.п. накіраванне ў дысцыплінарны батальён. Да асуджаных могуць ужывацца таксама дадатковыя М.п.: канфіскацыя маёмасці, пазбаўленне воінскага або спец. звання.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 10, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)